АПЕРАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

комплекс праграм на ЭВМ, якія забяспечваюць усе працэсы пры выкананні любой праграмы карыстальніка. Пастаянна знаходзіцца ў памяці машыны, звязвае ўсе яе вузлы ў адзінае цэлае, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне выліч. сістэмы і шырокі набор паслуг. Складанасць і структура аперацыйнай сістэмы залежаць ад функцый і характарыстык працэсараў, сістэмы камандаў, спосабу размяшчэння праграм у памяці, прыстасаванняў уводу-вываду інфармацыі, метадаў доступу да выліч. сістэмы і інш. Тэарэт. аснову распрацоўкі аперацыйнай сістэмы складаюць графаў тэорыя, масавага абслугоўвання тэорыя і інш. Апаратныя сродкі і матэм. забеспячэнне ствараюцца для пэўнай аперацыйнай сістэмы, якая складаецца са стартавай праграмы (запуск ЭВМ і яе самакантроль; кантролеры знешніх прыстасаванняў), дыспетчара (устанаўлівае чарговасць выканання праграм), рэдактара (работа са структурнымі аб’ектамі), адміністратара (улік часу работы працэсара і выкарыстанне памяці) і інш.

М.П.Савік.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)